Грушаўка: “два ў адным”
Літаральна дзень у дзень з абвяшчэннем акцыі
Міністэрства культуры ў рэдакцыю “К” прыйшла прапанова ад Арт-суполкі імя
Тадэвуша Рэйтана па стварэнні ў родавай сядзібе гэтага дзеяча ў вёсцы Грушаўка
Ляхавіцкага раёна музейна-культурнага цэнтра. Cупадзенне, што называецца, у яблычак.
Пра гэты
занядбаны сёння помнік спадчыны мы ўжо неаднаразова пісалі. Без сумневу, з ім трэба
нешта рабіць. Высілкі валанцёраў, у ліку якіх раз на год бываюць і журналісты
“К” -- гэта толькі часовыя меры. А ў якасці кардынальнага вырашэння лёсу сядзібы
тыя самыя энтузіясты прапануюць распачаць стварэнне там буйнога культурнага
комплексу. У іх падтрымку ўжо выказаліся вядомыя дзеячы культуры і навукі: Адам
Мальдзіс, Анатоль Федарук, Рыгор Сітніца ды цэлы шэраг іншых.
Прынцыповая
пазіцыя аўтараў праекта заключаецца ў тым, што сядзібны комплекс павінен
застацца на балансе дзяржавы – як гістарычны помнік асаблівай важнасці, свайго
кшталту нацыянальная святыня. Падаецца, ужо гэта не адпавядае адной з галоўных
умоў абвешчанай Міністэрствам акцыі – шматканальнасці фінансавання. Аднак спецыфіка
самога аб’екта дазваляе ўлічыць і гэты аспект.
Ансамбль у
Грушаўцы мае асаблівую культурную каштоўнасць адразу па дзвюх прычынах.
Па-першае, як помнік мемарыяльны: сцены непрыгляднага флігеля “Мураванка”
памятаюць апошнія хвіліны жыцця Тадэвуша Рэйтана.
А па-другое -- гэта
адзін з найлепш захаваных сядзібных комплексаў на Беларусі. Культурны ландшафт,
канчаткова сфармаваны ўжо на пачатку ХХ стагоддзя, амаль не быў парушаны
пазнейшымі ўварваннямі. Адпаведна, мы маем амаль унікальную магчымасць аднавіць
у Грушаўцы тую непаўторную атмасферу шляхецкай сядзібы, якая сёння з’яўляецца
прыцягальным для спажыўца брэндам.
Прычым
эксплуатуецца ён не толькі ў культурных, але і ў камерцыйных мэтах – як
правіла, бяздумна і беспадстаўна. Колькі
ў нас развялося новаўзведзеных “панскіх маёнткаў” з пластыкавымі шыбамі! На
гэтым тле “сапраўдны” турыстычны аб’ект, створаны ў гістарычным месцы і на
добрай навуковай аснове, меў бы належны попыт.
У складзе
комплексу ёсць тыя будынкі, якія, без сумневу, павінны застацца ў дзяржаўнай
уласнасці – скажам, ужо згаданая “Мураванка”, якую прыстасоўваць пад
што-небудзь, апрача музея, проста неэтычна. А ёсць і колішнія гаспадарчыя
пабудовы, не надзеленыя асаблівым гістарычным бэкграундам. Прыкладам, стайні.
Чаму б не аднавіць іх у першаснай функцыі, аддаўшы на водкуп таму ці іншаму
коннаму клубу? Праект гэты мае ўсе перспектывы рэнтабельнасці (іншыя клубы на
гэта не скардзяцца) – і, адпаведна, добры шанс знайсці інвестара, які б уклаўся
ў рэстаўрацыю. Асабліва калі паабяцаць яму, што побач будзе музей, куды
памкнуць стомленыя ад суседняга Нясвіжу турысты – то бок, будучыя кліенты. Тое самае можа быць і з прыстасаваннем пэўных
будынкаў пад гатэль або кавярню. Зусім неабавязкова пакідаць іх на балансе
дзяржавы. Галоўнае – захаваць адзіны падыход да справы і, калі хочаце, стыль: true сядзіба без усялякага сучаснага кітчу.
Запусціць такі
механізм сінергіі будзе, напэўна, няпроста, але… У ідэале, аднаўленне
Грушаўскай сядзібы можа стаць добрым і карысным на будучыню прыкладам
дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва ў справе аднаўлення помнікаў. Гэта
дазволіць не толькі ў разы скараціць дзяржаўныя выдаткі на рэстаўрацыю і
далейшае ўтрыманне комплекса (а трэба разумець, што па сённяшніх часах яны
проста непад’ёмныя), але і сумясціць дзве істотныя функцыі: выхаваўчую і
забаўляльную. Члены Арт-суполкі робяць акцэнт менавіта на першую. І сапраўды,
постаць Рэйтана як адданага патрыёта-дзяржаўніка тут па-за канкурэнцыяй. Але…
няма сумневу, што многія важныя рэчы сёння лепей засвойваюцца менавіта ў
гульнёвай форме. Альбо і непасрэдна праз страўнік.
Што да сэрца
любой сядзібы – палаца… Аўтары праекта адназначна прапануюць зрабіць у ім музей
і нават рэкамендуюць некалькі варыянтаў яго тэматыкі. У тым ліку, і музей,
прысвечаны гісторыі Ляхавіцкага краю. Яго там пакуль няма – што, канешне,
упушчэнне для любога з раёнаў. Думаецца, такая ідэя выглядае даволі прывабна:
вельмі важна, каб новы аб’ект служыў патрэбам не толькі турыстаў, але і
мясцовых жыхароў, стаўшы цэнтрам іх культурнага жыцця. Ды і лепшае месца для такога музею наўрад ці
знойдзеш.
Ну і што ўжо
зусім несумненна, дык гэта прыведзены ў праекце аргумент аб стварэнні новых
працоўных месцаў ды ўвогуле паляпшэнні
эканамічнага стану субрэгіёну. Тут сапраўды не паспрачаешся.
P.S. Нават самая добрая ідэя патрабуе ўзважанай прапрацоўкі ў дэталях – як
вядома, у іх часам тояцца розныя шкодныя духі. Таму мы прапануем ацаніць
дасланы ў рэдакцыю праект шэрагу аўтарытэтных экспертаў. Магчыма, гэты экзамен
стане пачаткам цэлай серыі артыкулаў, прысвечаных скрупулёзнаму разбору
дасланых у рамках акцыі ініцыятываў. А іх, можна не сумнявацца, набярэцца
нямала.
Ілля Свірын (КУЛЬТУРА)
Комментариев нет:
Отправить комментарий