понедельник, 8 августа 2016 г.

Мані"фестую" ДАХ-ХХХІ "РЭЙТАН"


                                                       ПРЭС-РЭЛІЗ
                                        20-21 жніўня. Фэст у гонар Тадэвуша Рэйтана
Грушаўка – гэта невялічкая вёска ў Ляхавіцкім раёне, якая мае даўнюю і слаўную гісторыю. Менавіта яна цягам амаль чатырох стагоддзяў з’яўлялася родавым гняздом рыцарскага рода Рэйтанаў. Менавіта ў ёй прайшлі першыя і апошнія хвіліны жыцця найвядомага яго прадстаўніка -- Тадэвуша Рэйтана, якога сёння справядліва лічаць нацыянальным героем Беларусі. Усе, хто пабываў тут, адзначаюць непаўторную атмасферу гэтых мясцін, якія літаральна набрынялі высакародным духам гісторыі.
Старая шляхецкага сядзіба па-ранейшаму ў запусценні. Але мясцовыя ўлады і валанцёры з Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана намагаюцца хаця б раз на год напоўніць яе жыццём. 20-21 жніўня ля старадаўняга палаца ўжо ў чацвёрты раз адначасова пройдуць адразу два фэсты --  свята традыцыйнай культуры “З крыніц спрадвечных”, дзе будуць прадстаўлены найлепшыя праявы народнай творчасці Ляхавіцкага раёну (песні, танцы, рамёствы, кухня), і фестываль   саверсізма й ігдрасілізма ДАХ-ХХХІ “РЭЙТАН”.
Надзвычай насычаная праграма, якая будзе праходзіць адначасова на некалькіх пляцоўках, абяцае задаволіць густы самай рознай публікі. Прыкладам, у першы дзень апрача музыкі і забаў плануюцца таксама рыцарскія і шляхецкія танцы і двубоі ад праектаў “Полацкі звяз” і “Эпоха Міхала Клеафаса”, майстар-класы па лінагравюры Змітра Шапавалава і беларускіх фальклёрных танцаў ад “На Таку”, курсы “Мова нанова” з Юляй Траццяк, экскурсія па зорным небе ад Цімоха Авіліна, кінапаказ стужак міжнароднага фестывалю кароткаметражных фільмаў “Cinema Perpetuum Mobile”, а таксама стужак рэжысёра Алены Ясінскай, тэматычна звязаных з Грушаўкай.
Другі дзень спалучыць праявы сучаснай і традыцыйнай культуры. Перформансы будуць чаргавацца з фальклорнымі і сучаснымі спевамі ад Рамана Яраша, Юліі Літвінавай, ПАЦІ і  ETNA_BEAT,  а старадаўняя музыка ў выкананні ансамбляў “Archi” і “Brevis” – з імправізацыямі знакамітых эксперыментатараў Аляксея Варсобы (“Port Mone”) і Віталя Сямашкі.
Своеасаблівым фонам фестывальнай дзеі стане мастацкая выстава, што разгорнецца непасрэдна ля палаца Рэйтанаў. Удзел у ёй возьмуць самыя разнапланавыя творцы: Алесь Родзін, Анатоль Лабкоўскі, Святлана Бадак, Зьміцер Шапавалаў, а таксама сябры суполкі “Абуджэнне” -- Яўген Шунэйка, Андрэй Лычкоўскі, Уладзімір Сайко.
У гэтыя дні ў закінутую сядзібу вернецца той культурны віхор, які віраваў там цягам стагоддзяў. На думку аднаго з куратараў фэсту Змітра Юркевіча, грамадская ўвага да гэтага каштоўнага помніка спадчыны можа паспрыяць кардынальнай змене яго лёсу – доўначаканай рэстаўрацыі і пераўтварэнню ў музейны комплекс.
-- Спадзяюся, прыйдзе той час, калі Грушаўка будзе функцыянаваць як культуры цэнтр не раз ад разу, а пастаянна, спрыяючы выхаванню патрытызму нашых грамадзянаў на прыкладзе такога адданага свайму краю нашага земляка, як Тадэвуш Рэйтан, -- адзначыў ён. 
Запрашаем на фестываль!

Куратары:
Зьміцер Юркевіч
Алесь Родзін
Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана
+375 33 375 72 50


Свята фальклёрнага мастацтва "З крыніц спрадвечных" -XV

Ляхавіцкі райвыканкам

lyahovideolog@rambler.ru

8 (01633) 2 15 45, 2 48 45.



Комментариев нет:

Отправить комментарий