Каментар:
Назоў выдатны і гучны, але не зусім дакладны.
Мы не аднаўляем, хутчэй праводзім супраць-аварыйныя працы, каб пры аднаўленні не прыйшлося будаваць муляжы замест старых будынкаў.
Што да аднаўлення, то яно , падобна , не за гарамі, як можна меркаваць па высказваннях мясцовых чыноўнікаў на старонках дзяржаўнай прэсы.
Валанцёры аднаўляюць сядзібу Рэйтанаў на Берасцейшчыне, каб зрабіць там музей
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Хто такі Тадэвуш Рэйтан, чаму важна і як магчыма адрадзіць і захзаваць памяць пра яго на нашай зямлі?
Сядзіба роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна сустракае наведвальнікаў рэшткамі цагляных слупоў, што захаваліся ад агароджы, і інфармацыйным шчытом, усталяваным добраахвотнікамі, які распавядае гісторыю гэтага маляўнічага месца. Ад дарогі ўглыб маёнтка вядзе ладная старая брукаваная алея, паабапал абсаджаная таўшчэзнымі дрэвамі. Дзівішся, як усё гэта магло захавацца без якіх-кольвечы аднаўленчых прац. Праўда, аб’екты маёнтка часткова разбураныя і занядбаныя, таму Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана і ГА “Беларускі камітэт ІКАМОС” збіраюць валанцёраў, каб за тыдзень актыўнай дзейнасці прывесці ў парадак тэрыторыю, падмацаваць збудаванні правесці напрыканцы летніка фэст ДАХ-ХХХІ-"РЭЙТАН".
Старшыня Арт-суполкі Зміцер Юркевіч распавёў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”, што валанцёры добраўпарадкуюць маёнтак ужо чацвёрты год запар. Менавіта тады Зміцер, які дагэтуль займаўся перформансамі, трапіў у Грушаўку ўпершыню.
– Рэйтан мяне зацікавіў, калі я прачытаў кніжку Генрыка Жавускага (стрыечнага ўнука Тадэвуша) “Успаміны Сапліцы”, яна мяне захапіла каласальна. А ў 2011 годзе я раптоўна прачытаў на сайце Міністэрства культуры, што грушаўская сядзіба ўнесена ў спіс 46 аб’ектаў, якія моуць быць прададзены любому чалавеку пад інвест-праекты. І тут мяне ўжо “разабрала”, я зразумеў, што трэба за Рэйтана біцца, вяртаць імя і сядзібу.
Чым больш Зміцер чытаў, тым больш не разумеў, чаму Рэйтан – ліцвін, а пішуць пра яго як пра паляка, нацыянальнага героя Польшчы. Беларусы ж увогуле амаль нічога не ведаюць пра гэтага чалавека. Колішні перформер чатыры гады праседзеў у архівах, сабраўшы сотні дакументаў роду Рэйтанаў. Па словах Змітра, усе яны сведчаць пра вялікалітоўскі патрыятызм парламентарыя. Даследчык стаў завальваць лістамі мясцовых чыноўнікаў, а паралельна пісаць артыкулы пра асобу, несправядліва забытую беларускай гісторыяй. Сядзібу ўдалося адстаяць.
“Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыны!”
У жніўні 1772 года манархі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, скарыстаўшыся з заняпаду і ўнутраных міжусобіц у Рэчы Паспалітай, дамовіліся паміж сабой аб першым падзеле яе тэрыторыі. 18 верасня таго ж года яны давялі да ведама ўладаў Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, што факт падзелу адбыўся. Да Расійскай імперыі далучаліся ўсходнія беларускія землі з Полацкам, Віцебскам і Магілёвам. Акупанты запатрабавалі склікання надзвычайнага Сойму, каб фармальна пацвердзіць «законнасць» сваіх захопаў, заснаваных нібыта «на гісторыі і праве».
19 красавіка 1773 года ў Варшаве распачаў працу вальны Сойм Рэчы Паспалітай, які пазней атрымаў назоў «падзельнага». Краіны-захопніцы дамагліся перавагі на Сойме згодніцка-прадажнай бальшыні. Быў распрацаваны і адпаведны сцэнар Сойму: перад яго пачаткам з ліку здраднікаў утваралася «канфедэрацыя» (гэтак даўней называўся часовы вайскова-палітычны хаўрус шляхты), што рабіла немагчымым ужыванне пасламі (г.зн. дэпутатамі) права «ліберум вета», каб заблакаваць прыняцце ўмоваў захопнікаў. Маршалкам канфедэрацыі і Сойму павінны быў стаць паляк Адам Панінскі, марыянетка расійскага пасольства.
Але ўсе гэтыя планы нечакана былі парушаныя супрацівам беларускіх паслоў на чале з Тадэвушам Рэйтанам, шляхцічам з-пад Ляхавічаў, паслом ад Наваградскага ваяводства. Тры дні ён разам з Самулём Корсакам і Станіславам Багушэвічам не дазваляў Панінскаму ўзначаліць Сойм. Гэты пратэст вонкава насіў фармальны характар. Бо, па-першае, Сойм паводле чаргі павінны быў праводзіцца ў Горадні, а не ў Варшаве, а маршалкам яго мусіў быць ліцвін, а не паляк. А па-другое, Сойм склікаўся не як канфедэрацкі, а як звычайны, і распачынаць яго пад знакам канфедэрацыі было незаконна. Для нашых паслоў гэта была толькі зачэпка, каб сарваць Сойм і не дапусціць ганебнага зацверджання падзелу.
Рэйтана ўгаворвалі, каб саступіў, падкупалі грашыма, і ўрэшце канфедэрацкі суд прыняў пастанову пазбавіць яго «маёмасці і гонару» і выгнаць з краіны. Але ўсё было марна: Тадэвуш Рэйтан заставаўся непахісным у сваіх перакананнях. Падчас правядзення Сойму Рэйтан у адчаі, каб не даць магчымасці па-згодніцку настроеным паслам пакінуць залу паседжанняў, лёг крыжам ля дзвярэй і закрычаў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!»
Гераічны супраціў Рэйтана не выратаваў нашае краіны ад захопу. Пакінуты і знявераны, ён цяжка захварэў. Памёр (паводле іншай версіі, скончыў жыццё самагубствам) у сваім маёнтку Грушаўка 8 жніўня 1780 года, маючы 38 гадоў.
Брукаванка нават ля кароўніка
Сёння грушаўская сядзіба хоць і не выглядае на шыкоўны палац, усё ж уяўляе сабой не горшы прыклад захаванасці старадаўніх шляхецкіх маёнткаў. Як ні дзіўна, гэтае месца вельмі папулярнае ў аматараў “палявання на прывідаў” (хоць пакуль што ніякіх легенд пра іх існаванне няма).
Зміцер Юркевіч праводзіць для дзясятка валанцёраў экспрэс-экскурсію па аб’ектах, якія захаваліся да нашых часоў, а заадно акрэслівае фронт працы на іх падчас летніка.
Пачынае з напаўразваленага мураванага з валуноў збудавання – колішняй лядоўні канца XIX стагоддзя, якая некалі мела два паверхі. Масіўнае каменне зверху зарасло травой і хмызняком, якія трэба выдаліць. Таксама варта замазаць стыкі, каб камяні не абвальваліся.
Захаваліся рэшткі аранжарэі таго ж часу, закладзенай пры апошнім Рэйтане – Язэпе, – дзе калісьці вырошчваліся фігі.
Справа ад сядзібы – даволі добра захаваны флігель, галоўны аб’ект сёлетняга летніка. Тут трэба памяняць шыфер, з якім абяцалі дапамагчы мясцовыя ўлады, і зрабіць канькі на даху. А заадно закалаціць уваход, каб там не смецілі.
Цэнтральнае збудаванне ансамбля – вялікая драўляная сядзіба, якая таксама патрабуе закалочвання уваходаў. На месцы дома раней стаяў іншы, пабудаваны бацькам Тадэвуша Рэйтана Дамінікам у 1730-х. Але напачатку XIX стагоддзя ён спарахнеў. Таму той жа Язэп пабудаваў новы будынак, у стылі англійскай вілы. Тут жа ў 1910 годзе Язэп і памёр ад сухотаў. З гісторыі сядзібнага дома таксама вядома, што ў 1812 годзе яго канфіскавалі за ўдзел Станіслава і Дамініка Рэйтанаў (пляменнікі Тадэвуша) ў вайне на баку Напалеона. Праўда, праз 2 гады за імператарскім указам вярнулі. З гэтага будынка выходзілі ў свет, атрымаўшы адукацыю і пасаг, мясцовыя сіроты, якіх бралі на выхаванне апошнія Рэйтаны, не маючы сваіх дзяцей. Падчас Першай сусветнай вайны ў доме знаходзіўся штаб 9-ай расійскай арміі. Пасля вайны тут дажывалі свой век апошнія прадстаўнікі роду. У наступную вайну сядзібны дом стаўся домам адпачынку нямецкіх летуноў. Пасля Другой сусветнай тут месцілася кантора калгасу, жылі людзі.
Самы стары будынак комплекса (Зміцер Юркевіч мяркуе, што ён узведзены напрыканцы XVII стагоддзя) – так званая мураванка Тадэвуша Рэйтана. Яна мае метровыя сцены з нішамі для кніжных паліц і магла выкарыстоўвацца ў якасці жылля. А яшчэ мураванка мае адну глухую безваконную сцяну і два выхады, што дазваляе меркаваць аб яе абарончым прызначэнні. Гэты будынак прыкметны яшчэ тым, што менавіта ў ім памёр Тадэвуш. Ад мясцовых валанцёры даведаліся, што за савецкім часам тут была лазня (гэта пацвердзілі і знаходкі падчас праполкі травы пад мурамі – старыя душавыя краны, вентыляцыйныя рашоткі). Але чакала нас і яшчэ адно адкрыццё: брукаванка, якой выкладзены ўсе алеі і дарогі ў маёнтку, хавалася пад дзірваном і ішла да самых сцен мураванкі. Праўда, у якія часы яна была пакладзеная, невядома, але зроблена, што называецца, на сумленне, і вядзе да кожнага будынка, нават да кароўніка.
Дарэчы, кароўнік (як і стайня), выкананы з чырвонай цэглы і пазначаны датай “1909” і ініцыяламі “I. R.” Язэп Рэйтан, нават цяпер уражвае як звонку, так і ўсярэдзіне. Як уражвае і аграмаднае драўлянае гумно, пабудаванае ў XIX стагоддзі без адзінага цвіка. Год таму яму не пашчасціла і моцны парыў ветру наскрось вынес агромныя кавалкі ветхага шыферу з даха. Свой унёсак у разбурэнне гумна зрабіў і льнокамбінат, які захоўваў там лён.
А цагляны бровар, рэшткі якога яшчэ можна ўбачыць на тэрыторыі маёнтка, пацярпеў іначай. У добрым стане ён прастаяў да 1970-х гадоў, пакуль адтуль не пачалі выцягваць старое абсталяванне. Але паступова пачала прасядаць столь, і бровар пастанавілі ўзарваць, каб яна не абрынулася на людзей.
А побач з броварам стаіць выдатна захаваная камяніца спіртасховішча, якая служыла складам прадукцыі, вырабленай на бровары.
Каб праца ішла, патрэбны сілы
Тое, што маёнтак Рэйтанаў не пайшоў з малатка альбо наўпрост не разбурыўся – цуд. Дзяржава такой спадчынай не апякуецца, і толькі дзякуючы працы валанцёраў ды разуменню мясцовых уладаў сядзібу хоць неяк удаецца падтрымліваць, абкошваць каласальную тэрыторыю, латаць дзіркі ў дахах, прыбіраць смецце. Але Зміцер Юркевіч гаворыць, што зроблена ўжо шмат, ды і калі па-сапраўднаму гарыш справай, яна не падаецца цяжкай. Старшыня арт-суполкі мроіць стварыць тут музей роду Рэйтанаў, і ўжо нават адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Ляхавіцкага выканкаму на гэты конт.
Праўда, няўмольны час усё ж бярэ сваё. Гадоў 10 таму падчас урагану ад капліцы роду Рэйтанаў на могілках у Ляхавічах адвалілася адна апора. Не знайшлося нікога, хто б паставіў туды хаця б цагляны слупок. Аднавіць капліцу ўзялася Арт-суполка. Пабудавалі драўляны навес над ёй, каб збудаванне магло перастаяць зіму і вясну і ўлетку можна было ўзяцца за працы. Але раптоўна за тыдзень да іх пачатку капліца абвалілася. Таму на платформе Talaka.by распачаўся праект па зборы матэрыялаў, сродкаў і чалавечых рэсурсаў для яе аднаўлення.
Комментариев нет:
Отправить комментарий